Выстава – Дрэвы, якія памятаюць Купалу
Выстава «Дрэвы, якія памятаюць Купалу» працягвае шэраг выстаў, якiя адбылiся ў межах праекту «Падарожжа з Купалам».
Альберт Цэхановiч, Ранiца у Карпiлауцы
Яна аб’ядноўвае вядомых фатографаў, неабыякавых да абранай тэмы. У ёй прынялi ўдзел Марына Бацюкова, Вячаслаў Бахметаў, Яўген Гараўскi, Жанна Мяленцьева, Вольга Сяргеева, Альберт Цэхановiч. Прадстаўленыя серыi i асобныя здымкi, выкананыя ў ручных аўтарскiх тэхнiках друку, прысвечаны як вядомым купалаўскiм мясцiнам (Акопы, Харужанцы, Бяларучы, Карпiлаўка), так i пакуль што малавядомым i рэдка наведваемым (Ручын, Косiна, Юзафова, Гаяны, Сёмкава).
«Дрэвы, якія памятаюць Купалу» – чаму менавiта дрэвы? Час не пашкадаваў сядзiб, хат, фальваркаў, але яшчэ можна адшукаць рэшткi алей i паркаў, i старыя дрэвы, якiя здолелi перажыць катастрафiчныя падзеi гiсторыi i надвор’я. Дрэвы – дубы, лiпы, ясенi, клёны, таполi, яблынi – апетыя ў шматлiкiх радках i творах паэта.
Дрэвы як людзi – нараджаюцца, растуць i квiтнеюць, змагаюцца з навакольнай рэчаiснасцю, цi прыстасоўваюцца да яе, старэюць i памiраюць. Як i людзей, iх могуць забiць, згвалтаваць, скалечыць, ператвараючы фантастычна прыгожую i жывую iстоту ў пачварны абрубак цi бессэнсоўны стоўб.
Але пакуль дрэва жывое, яно мае свае аблiчча, непадобнае i непаўторнае, свой характар. Кожнае распавядае сваю ўласную быль цi казку таму, хто гатовы слухаць.
Сам Купала быў вельмi здольны тое слухаць i нам запаведаў цiкавасць i любоў да дрэваў i раслiн увогуле. Вядома, што на сваёй дачы ў Ляўках, на высокiм беразе Дняпра, ён насадзiў дубы.
Куратар Альберт Цехановіч,
cябра Беларускага грамадскага абъ’яднання фатографаў
Адкрыцце выставы мастацкай фатаграфii “Дрэвы, якія памятаюць Купалу” адбудзецца 19 лютага а 17-й гадзiне па адрасе г.Мiнск, вул. Янкi Купалы, 4, Дзяржаўны лiтаратурны музей Янкi Купалы.
Выстава працуе з 19 лютага па 6 сакавiка.
Яуген Гараускi, Харужанцы
Вячэслау Бахметау, Дубы у скверы Я.Купалы