Фотавыстава #ДОМ207595

207 595 км2 - плошча Беларусі. За гэтымі лічбамі - шум вялікіх гарадоў і цішыня маленькіх вёсак, людзі, што там жывуць, іх побыт, дарогі, якімі яны ходзяць. Агульным словам, гэта жыццё, якое і стала галоўнай тэмай выставы #дом207595. Яе мэтай было паказаць, як развіваецца сёння сучасная нацыянальная фатаграфія. Куратар выставы, фатограф Марына Бацюкова, адзначыла, што культурнае жыццё краіны не сканцэнтравана толькі ў Мінску. У іншых гарадах Беларусі працуе шмат таленавітых, удумлівых, цікавых аўтараў, працы якіх трэба паказваць шырокай аўдыторыі.

Фотавыстава #ДОМ207595

Удзел у выставе прымаюць 22 аўтараў з Гродна, Гомеля, Мазыра, Магілёва, Асіповічаў, Салігорску. У невялікіх серыях ці асобных працах яны засяроджваюць увагу гледачоў на цікавых момантах жыцця, на тварах і постацях людзей, іх занятках, перадаюць атмасферу сваёй мясцовасці.

Удзельнікі:

Бахметаў Вячаслаў
Блохава Любоў
Гозман Міхаіл
Грыцкевіч Юрый
Дондзік Георгій
Ерашевіч Алена
Зазуля Аляксандр
Карчэўскі Генадзь
Курыла Сяргей
Ліцін Аляксандр
Марозаў Сяргей
Пратасеня Мікалай
Савосіна Ірына
Саенка Аляксандр
Сідлераў Аляксандр
Талкачоў Анатоль
Хацяінцаў Мікалай
Цітоў Мікалай
Цішкоўскі Павел
Шчудло Мірон
Шэгельман Зіновій
Янавіцкі Карл

Выстава #дом207595 мае тэматычныя напрамкі: «Прастора», «Людзі» і «Канцэпт», якія экспазіцыйна не выдзяляюцца ў асобныя часткі. Тое самае тычыцца і розных тэхнік выканання. Побач змяшчаецца аналагавая, лічбавая фатаграфія, працы, выкананыя ў тэхніке ручнога ці гуміалейнага друку.

Самая вялікая па колькасці прапанаваных работ экспазіцыя з Магілёва, яна размесціцца ў асобнай зале. Падчас адкрыцця выставы гледачы будуць мець магчымасць пазнаёміцца з вельмі цікавай і грунтоўнай кнігай «Магілёўскі фотаальбом. 1864-2000». Гэта фундаментальнае выданне, у якім разам з гістарычным экскурсам у мінулае фатаграфіі ўтрымліваецца партфоліа магілёўскіх аўтараў, пачынаючы з 1864 года. Укладальнікі кнігі - фатографы Аляксандр Ліцін і Ірына Савосіна.

Адкрыццё 10 студзеня ў 17:00
Месца: мастацкая галерэя «Універсітэт культуры»
Адрас: Менск, Кастрычніцкая плошча, 1
Працуе да 21 студзеня


© Белорусское общественное объединение фотографов